ГЕРБ, СЦЯГ І ГІМН – СВЯШЧЭННЫЯ АТРЫБУТЫ ДЗЯРЖАВЫ

Мы – беларусы, наша краіна – Беларусь!

Народаў і краін у свеце шмат. Кожная краіна, кожны народ адрозніваюцца ад іншых: моваю, звычаямі, вопраткай, выглядам. Кожны народ і краіна маюць таксама свае адметныя знакі – гэта ГЕРБ, СЦЯГ і ГІМН.
Герб і сцяг лічыліся і лічацца ва ўсіх краінах вышэйшымі сімваламі народа. Яны ўвасабляюць для кожнага чалавека, для кожнага грамадзяніна Радзіму. Для кожнай краіны герб і сцяг сімвалізуюць незалежнасць, суверэнітэт дзяржавы.

Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь з’яўляецца сімвалам дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з дзвюх гарызантальна размешчаных каляровых палос: верхняй – чырвонага колеру ў 2/3 шырыні сцяга і ніжняй – зялёнага колеру ў 1/3.

Каля дрэўка вертыкальна размешчаны беларускі нацыянальны арнамент чырвонага колеру на белым полі, які складае 1/9 даўжыні сцяга. Суадносіны шырыні сцяга і яго даўжыні – 1:2. Сцяг мацуецца на дрэўку (флагштоку), якое афарбоўваецца ў залацісты (охра) колер.

Дзяржаўны сцяг пастаянна падняты на будынках органаў улады і некаторых дзяржаўных устаноў, устанаўліваецца ў службовых кабінетах кіраўнікоў гэтых органаў (устаноў), у школах, на выбарчых участках, вывешваецца ў час розных урачыстых мерапрыемстваў.

Пры адначасовым падняцці або ўстанаўленні Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і сцяга іншай дзяржавы Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь павінен быць падняты або ўстаноўлены з правага боку, а сцяг іншай дзяржавы – з левага, калі стаць тварам да іх.

Грамадзяне могуць вывешваць Дзяржаўны сцяг як унутры, так і звонку памяшканняў у час народных, працоўных, сямейных свят і ў іншыя памятныя дні. Пры гэтым абавязковай умовай з’яўляецца захаванне павагі да Дзяржаўнага сцяга як сімвала дзяржавы. Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, выраблены ў настольным варыянце, можа быць устаноўлены ў памяшканнях, якія выкарыстоўваюцца арганізацыямі і грамадзянамі Рэспублікі Беларусь.

Больш падрабязна з тым, дзе можа размяшчацца Дзяржаўны сцяг, можна азнаёміцца ў главе 2 Закона Рэспублікі Беларусь ад 5 ліпеня 2004 г. №301-З «Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь». https://president.gov.by/be/gosudarstvo/simvolika/flag

Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь з’яўляецца сімвалам дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Ён уяўляе сабой размешчаны ў сярэбраным полі залаты контур Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь, накладзены на залатыя прамяні ўзыходзячага над зямным шарам сонца. Уверсе поля знаходзіцца пяціканцовая чырвоная зорка. Герб абрамлены вянком з залатых каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, злева – кветкамі лёну. Вянок тройчы перавіты з кожнага боку чырвона-зялёнай стужкай, у сярэдняй частцы якой у аснове Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь у два радкі напісаны золатам словы «Рэспубліка Беларусь».

Выява Дзяржаўнага герба размяшчаецца на будынках органаў улады і шэрагу дзяржаўных устаноў, унутры службовых кабінетаў іх кіраўнікоў, а таксама на пячатках гэтых органаў, на манетах, пашпартах грамадзян Рэспублікі Беларусь. У адрозненне ад Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўны герб мае больш афіцыйнае значэнне, таму не прадугледжваецца магчымасць яго свабоднага выкарыстання грамадзянамі. У прыватнасці, забараняецца яго размяшчэнне на візітных картках асоб, якія не з’яўляюцца дзяржаўнымі служачымі.

Пры адначасовым размяшчэнні Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і герба адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі або тэрытарыяльнай адзінкі Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь павінен размяшчацца з левага боку ад іншага герба, калі стаць тварам да іх. Пры адначасовым размяшчэнні няцотнай колькасці гербаў Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь павінен размяшчацца ў цэнтры, а пры размяшчэнні цотнай колькасці гербаў (больш за два) – злева ад цэнтра.

Больш падрабязна з тым, дзе можа размяшчацца Дзяржаўны герб, і існуючымі абмежаваннямі можна азнаёміцца ў главе 3 Закона Рэспублікі Беларусь ад 5 ліпеня 2004 г. №301-З «Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь». https://president.gov.by/be/gosudarstvo/simvolika/gerb

Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь

Словы М. Клімковіча, У. Карызны
Музыка Н. Сакалоўскага

Мы, беларусы — мірныя людзі,
Сэрцам адданыя роднай зямлі,
Шчыра сябруем, сілы гартуем
Мы ў працавітай, вольнай сям’і.

Слаўся, зямлі нашай светлае імя,
Слаўся, народаў братэрскі саюз!
Наша любімая маці-Радзіма,
Вечна жыві і квітней, Беларусь!

Разам з братамі мужна вякамі
Мы баранілі родны парог,
У бітвах за волю, бітвах за долю
Свой здабывалі сцяг перамог!

Дружба народаў — сіла народаў —
Наш запаветны, сонечны шлях.
Горда ж узвіся ў ясныя высі,
Сцяг пераможны — радасці сцяг!

У адпаведнасцi з артыкулам 19 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб i Дзяржаўны гiмн з’яўляюцца сiмваламi яе дзяржаўнага суверэнiтэту.

Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь была пастаўлена задача стварэння гiмна новай, незалежнай Беларусi. У якасцi Дзяржаўнага гiмна Рэспублiкi Беларусь Прэзiдэнт краiны зацвердзiў твор на музыку Н. Сакалоўскага i словы М. Клiмковiча, У. Карызны.

У новым Дзяржаўным гiмне Рэспублiкi Беларусь захавана музыка Н. Сакалоўскага, якая сiмвалiзуе пераемнасць гiстарычных традыцый беларускага народа, карыстаецца папулярнасцю i павагай у прадстаўнiкоў розных пакаленняў грамадзян краiны i па сваiх мастацкiх якасцях адпавядае ўсiм патрабаванням, прад’яўляемым да гiмнiчных твораў.

З прапанаваных варыянтаў тэкстаў гiмна на музыку Н. Сакалоўскага камiсiя i грамадскасць аддалi перавагу вершу М. Клiмковiча i У. Карызны. Захоўваючы адпаведнасць меладычным i рытмiчным асаблiвасцям музыкi Н. Сакалоўскага, гэты паэтычны твор у той жа час адлюстроўвае новыя палiтычныя, эканамiчныя i сацыяльныя ўмовы развiцця Рэспублiкi Беларусь як суверэннай, мiралюбiвай дзяржавы, падкрэслiвае патрыятызм i працавiтасць яе грамадзян, сяброўскiя адносiны памiж прадстаўнiкамi ўсiх нацыянальнасцей, якiя жывуць у нашай краiне.

Гэтым жа Указам Кiраўнiк дзяржавы зацвердзiў Палажэнне аб Дзяржаўным гiмне Рэспублiкi Беларусь, якое вызначае статус гiмна, умовы i правiлы яго выканання i выкарыстання.
Зацвярджэннем Дзяржаўнага гiмна завяршыўся працэс фармiравання дзяржаўнай сiмволiкi Рэспублiкi Беларусь.

Дзяржаўны Герб і Дзяржаўны Сцяг толькі сумесна з Дзяржаўным Гімнам ствараюць свяшчэнную трыяду нашай дзяржавы.